ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ ЧАСТАТЫ́ ў радыётэхніцы,
працэс перанясення паласы частот, занятай эл. сігналам, у іншую вобласць частотнага спектра для больш зручнай яго апрацоўкі, выпрамянення ці паляпшэння параметраў радыёапаратуры.
У радыёперадатчыку нізкачастотны сігнал гуку. відарысу ці інш. віду інфармацыі з дапамогай мадулятара пераўтвараецца ў высокачастотны сігнал (гл. Нясучая частата) для перадачы ў зададзеным дыяпазоне частот. У радыёпрыёмніку пры дэмадуляцыі (дэтэктыраванні) адбываецца адваротны працэс — пераўтварэнне высокачастотнага сігналу ў адпаведны нізкачастотны сігнал. У супергетэрадзінным радыёпрыёмніку прыняты сігнал папярэдне пераўтвараецца ў ваганні другой высокай (прамежкавай) частаты з захаваннем закону мадуляцыі. Выкарыстоўваецца адна-, радзей двух- ці трохкратнае П.ч. для больш высокай выбіральнасці прыёму, пастаянства эл. характарыстык прыёмніка ў зададзеным дыяпазоне частот і інш. Гл. таксама Многаканальная сувязь.
А.П.Ткачэнка.
т. 12, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)